Здаўна нашы продкі аберагалі свае вёсачкі ад напасцяў, бед і хвароб з дапамогаю прыдарожных крыжоў. Калі ўваходзілі ў населены пункт ці адпраўляліся ў дарогу, ля іх дзякавалі Богу або прасілі дапамогі. Канешне ж, духоўны заслон вёскі шанавалі і за ім даглядалі.
Час не пашкадаваў драўляны крыж у Повалацы Больцішскага сельсавета — ён пашарэў, пахіліўся. Стараста вёскі Ірына Пакуль — жанчына нераўнадушная. Некалі гараджанка, яна стала сваёй у гэтай мясцовасці і ўсе клопаты вяскоўцаў прымае да сэрца. Пры падтрымцы сям’і вырашыла зрабіць справу годную і для Бога, і для людзей — замяніць гэты крыж на новы.
— Глядзела на яго — і душа балела: а калі зусім паваліцца? Вёска без крыжа не павінна быць: хто будзе яе абараняць!? Тым больш у суседніх Больцішках ужо два замянілі, — падзялілася Ірына Антонаўна. — Родныя мяне падтрымалі. На дапамогу прыйшлі аднавясковец Іван Пакуль і Руслан Дудзін са Старых Смільгіняў, які зварыў з металу крыж. З мужам Браніславам мае старэйшыя дочкі Юля і Лена ўстанавілі крыж. Дзякуй богу, дзеці ніякай працы не цураюцца.
Калі вёску ўпрыгожыў адноўлены жалезны з фігурамі Маці Божай і Ісуса Хрыста крыж, аднавяскоўцы адгукнуліся і падзялілі затрачаныя сродкі на ўсіх. Нават тыя, хто цяпер жыве ў горадзе ў дзяцей, не засталіся ўбоку. Маўляў, у апошнюю дарогу будуць з роднай вёскі выязджаць, ля гэтага крыжа “развітаюцца” з ёю.
Шкадуе жанчына, што яшчэ не ўсё паспелі. Вясною пафарбуюць агароджу, высадзяць кветкі.
Па душы гэтае абнаўленне і ветэрану працы, былому малалетняму вязню фашысцкіх канцлагераў Зафіі Браніславаўне Страчынскай:
— Пяцьдзясят гадоў назад прыехала ў Повалаку. На гэтым месцы быў стары помнік святому Казіміру, затым яго змяніў драўляны крыж. Вельмі рада, што цяпер з’явіўся новы, прыгожы. Будзе на гады! Тым больш што нам нерупіла, як яго змайстраваць, паставіць. Дзякуй сям’і Пакуль: усё зрабілі самі. І яны малайцы, і дзяўчаты ў іх вельмі здольныя — любая справа гарыць у іх руках.
Марына КАНДРАТОВІЧ.
Фота Алега БЕЛЬСКАГА.