Па традыцыі раённая Дошка Гонару абнаўляецца напярэдадні галоўнага свята краіны – Дня Незалежнасці. І сёлета на ёй размешчаны партрэты і імёны тых, хто сваёй дбайнай працай стварае дабрабыт Воранаўшчыны. Шаснаццаць прадстаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, тры працоўныя калектывы і мнагадзетная сям’я ўдастоены такога пачэснага права. Гэта нашы землякі, працаўнікі розных сфер: прамысловасці, сельскай гаспадаркі, медыцыны, адукацыі, гандлю, сувязі.
3 ліпеня ў якасці ганаровых гасцей яны былі запрошаны на сустрэчу з кіраўніцтвам раёна. Шчыра прывітаў герояў мірнай працы старшыня Воранаўскага райвыканкама Мікалай Розум. Ён падкрэсліў значнасць асабістага ўкладу кожнага з іх у развіццё раёна, падзякаваў за прафесіяналізм і вернасць справе. Віншаванні і словы падзякі адрасавалі землякам старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Роік, намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Карповіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Цехановіч.
Агульнае фота на памяць аб сустрэчы і ганаровыя госці прадоўжылі святкаванне Дня Незалежнасці на ўрачыстым мітынгу і мерапрыемствах у гарадскім парку.
Вольга ВАРАБ’ЁВА.
Фото Алега БЕЛЬСКАГА.