У райцэнтры за плённую працу на жніўных палях адудзячылі лепшым працаўнікам вёскі.
У нашых продкаў ёсць даўняя традыцыя: калі шчыра папрацавалі, годны ўраджай сабралі — абавязкова трэба ладзіць дажынкі. Сапраўды, нашы дбайныя хлебаробы на ніўцы шчыравалі ад ранішняй зорачкі да позняга вечара, не для сябе стараліся хлеб сабраць, а для землякоў. Сёлетні каравай атрымалі неблагі, самы час адпачыць пад гучную беларускую песню.
Героі жатвы воранаўскай зямлі крочылі на галоўную пляцоўку раённага фестывалю працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2023” з усмешкамі на тварах і пачуццём выпаўненага доўгу. Уперадзе — калектывы-лідары жатвы гэтага года. Гэта хлебаробы сельгаспрадпрыемства “Больцішкі”, якія намалацілі 7 414 тон пры ўраджайнасці 66,8 ц/га, “Гіркі” (12 317 т, 50,5 ц/га) і “ГМК-Агра” (12 171 т, 45,6 ц/га).
Разам з варанаўчанамі сапраўдных гаспадароў свята віталі госці — дэпутат палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Маркевіч, прадстаўнікі Гродзенскага мясакамбіната, Лідскага малочна-кансервавага камбіната і Лідахлебапрадукта.
— Уборачная кампанія — заўсёды сур’ёзны экзамен для хлебаробаў. І сёлета яна выставіла рэальныя адзнакі арганізатарскім здольнасцям кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, праверыла ўменні механізатараў і надзейнасць уборачнай тэхнікі, — адкрыў урачыстасць старшыня Воранаўскага райвыканкама Дзмітрый Захарчук. — Жатву-2023 нельга назваць лёгкай. Халодная вясна, засушлівы пачатак лета, дажджлівы ліпень, які расцягнуў тэрміны заканчэння ўборкі. Усё гэта стала няпростым экзаменам для працаўнікоў хлебнай нівы. Нашы аграрыі вытрымалі яго годна — сабралі амаль 89 тысяч тон збожжавых каласавых культур. Дзякуй вам, дарагія земляробы, за вашу нялёгкую працу, за вернасць прафесіі. Няхай з года ў год цяжэе хлебны колас на нашых нівах і багацее родная зямля.
Як належыць у беларусаў, хлеб з першага намалоту ўручылі гаспадару — Дзмітрыю Іванавічу. Па даўняму звычаю, каб усе былі здаровымі, дужымі і багатымі, удзельнікаў свята абсыпалі залацістым духмяным зернем. А каб і надалей палі былі ўрадлівымі, у сем’ях панаваў дабрабыт, хлеб асвяцілі настаяцелі храма Святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага ў Воранаве іерэй Ігар Валошын і касцёла Прасвятой Тройцы ў Забалаці Генрык Яблонскі.
Па працы — узнагароды. На галоўную сцэну свята адзін за адным падымаліся хлебаробы пад гучныя апладысменты гледачоў. Усё дзейства суправаджалася дасціпным гумарам вядучых — бліскучага дуэта Васіля і Гандзі, дарэчы, нашай зямлячкі з Пагародна.
Канешне ж, у першую чаргу атрымалі заслужаныя дыпломы лідары жніва — дырэктар Анджэй Вількевіч і выконваючы абавязкі галоўнага агранома Вадзім Страчынскі з КСУП “Больцішкі”, дырэктар Тадэвуш Мушынскі і галоўны аграном Дзмітрый Хшаноўскі з КСУП “Гіркі”, дырэктар Аляксей Мялько і галоўны аграном Уладзімір Стэцэвіч з СУП “ГМК-Агра”. Асобныя словы падзякі былі адрасаваны людзям ад зямлі. Камбайнерам Валяр’яну Козару, Дзянізу Бандалевічу, Дзмітрыю Козару, Катажыне Наймовіч, з “ГМК-Агра”, Уладзіміру Ордзе з “Місявічаў”, Аляксандру Дзянькоўскаму і Паўлу Супрановічу з “Гірак”, Валерыю Шадзюлю э/б “Пагародна”; вадзіцелям Іосіфу Зубовічу і Станіславу Салабудзе з “Місявіч”, Чаславу Вайткевічу з “Эліт-Агра Больцінікі”, Міраславу Былінскаму з э/б “Пагародна”; Віталію Келю з э/б “Кастрычнік”, Віктару Лукашэвічу з “Гірак”; аператарм зернесушыльных установак Валерыю Андруконісу з “Доцішак”, Алегу Васкабою з “ГМК-Агра” і Валерыю Селіверставу з “Эліт-Агра Больцінікі”. Граматай старшыні пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы ўзнагароджаны Віктар Тубілевіч з “Больцішак”, Павел Дзюк з “Эліт-Агра Больцінікі” і Уладзіслаў Юша з “ГМК-Агра”.
Віншуем вас, землякі, і дзякуй за хлеб!
«Вороновская газета»