У Дзень народнага адзінства з Воранава стартаваў раённы патрыятычны аўтапрабег «Эстафета адзінства». Яго ўдзельнікамі сталі больш 150 чалавек: работнікі аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, кіраўнікі і працаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, прадстаўнікі ўсіх грамадскіх аб’яднанняў. З цэнтральнай плошчы пачаўся 30-кіламетровы маршрут чатырох дзясяткаў экіпажаў. Калона аўтамабіляў з дзяржаўнымі сцягамі, якую ўзначаліў старшыня райвыканкама Дзмітрый Захарчук, праехала па населеных пунктах у знак падтрымкі ідэі адзінства роднай Беларусі. Шлях трымалі ў Радунь — цэнтр святкавання Дня народнага адзінства і 635-годовага юбілею. Па дарозе да калоны далучаліся ўдзельнікі. Фінішным пунктам стала брацкая магіла ў цэнтры Радуні, дзе пахавана 45 воінаў Чырвонай Арміі і партызан. Тут госці і жыхары пасёлка Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, усклалі кветкі да помніка.