Тры пакаленні сяльчан-родзічаў… Трыста дзевятнаццаць год — агульны прафесійны стаж у галіне сельскай гаспадаркі ў сям’і Мецюн, якая жыве ў Больцішках і шчыра працуе ў мясцовай гаспадарцы. Напярэдадні першамайскага свята, калі ўшаноўваюць людзей працы і працоўныя дынастыі, журналісты “ВГ” пабывалі на больцішскай зямлі.
Родная зямля акрыляе, надае сілы і энергіі. Той, хто не скача з месца на месца ў пошуку лепшай долі, а моцна трымаецца карэнямі за малую радзіму, — шчаслівы чалавек, бо яна мацуе, яднае і духоўна ўзбагачае. Так лічыць вялікая і дружная сям’я Мецюн, якую аб’ядноўваюць не толькі непарыўная роднасная повязь, але і працоўная — сельскагаспадарчая.
Вытокі дынастыі
Першымі, хто далучыўся да сельскагаспадарчай справы ў КСУП “Больцішкі”, Мецюны лічаць свайго бацьку і дзеда Антона Станіслававіча і яго жонку Ядвігу Мацвееўну.
Глава сям’і быў першым электрыкам у гаспадарцы. Калі ў 1964 годзе ў Больцішкі правялі свет, востра стала пытанне, хто будзе клапаціцца пра электрычную гаспадарку прадпрыемства — як вядома, адукаваныя кадры на той час былі на вес золата. Каб хутка вырашыць гэтую праблему, былі арганізаваны кароткатэрміновыя курсы, на якія і згадзіўся паехаць Антон Станіслававіч. Час ішоў імкліва, усё мадэрнізіравалася і атрыманых колісь ведаў мужчыне ўжо не хапала. Таму ён вырашыў саступіць дарогу маладым паплечнікам, а сам сеў за руль грузавога аўтамабіля. Трэба сказаць, адказнасць была, ды яшчэ якая! Давезці ў добрым стане грузы, “цэлымі” — абеды калегам у поле — гэта, як кажуць, з палову бяды. Самае галоўнае, вадзіцель адказваў за жыццё людзей, якіх на месца працы раней дастаўлялі ў кузавах. Таму за тэхнікай сачыў, ездзіў надзвычай акуратна.
Ядвіга Мацвееўна, як і большасць сельскіх жанчын тых гадоў, завіхалася на паляводстве. Клапатліва жала ніву, рвала лён, аддавала “нізкі паклон” кожнай культуры, якую трэба было апалоць, дагледзець ды сабраць з поля.
Дзмітрый, Станіслаў, Віктар і Андрэй Мецюны.
Па кроках Бацькоў
Чатырох дзяцей выгадаваў заснавальнік дынастыі Антон Мецюн. Яго дачка Антаніна пайшла на паляводства. Ніколі не скардзілася на цяжкую працу. Як узгадваюць яе браты, за ёй быў замацаваны гектар буракоў. Сёння ўжо цяжка ўявіць, што такую вялізную плошчу ўручную трэба было не раз прапалоць, а пасля вырваць і здаць карняплоды. А да таго ж і самім падкарміць культуру ўгнаеннем…
Сын Мар’ян вырашыў спасцігаць навуку — скончыў Беларускі інстытут народнай гаспадаркі. Даволі доўгі час працаваў галоўным эканамістам у сельгаспрадпрыемстве ў Чэрвеньскім раёне Мінскай вобласці.
Ніколі не саромеўся хлебаробскай справы яшчэ адзін сын Антона — Станіслаў, у якога з усіх родзічаў самы вялікі стаж працы — без малога пяцьдзясят год. Як і бацька, некаторы час працаваў вадзіцелем. Ужо больш за дваццаць год ён — механізатар. Імя Станіслава Антонавіча Мецюна знаёма многім чытачам “Воранаўскай газеты” — землякі яго ведаюць як неаднаразовага пераможцу раённага спаборніцтва на ўборцы збожжавых культур і прызёра абласнога этапу.
— Каб хутка і лепш засвоіць механізатарскую навуку, у пачатку працоўнага шляху практычна “разабраў” трактар, — з усмешкай успамінае мужчына і дадае: — Мой першы камбайн — СК-4 — можна ўбачыць толькі ў старых савецкіх кінастужках. Канешне ж, яго нельга параўноўваць з сучаснай тэхнікай — уявіце сабе, у пяць разоў вырасла магутнасць рухавіка. Не дзіўна, што ў нашай невялікай гаспадарцы пры добрым надвор’і ўборку заканчваем за два тыдні.
Самы малодшы сын Віктар прыгадвае, што ў яго юнацтве лічылася прэстыжным атрымаць прафесію трактарыста. Бонусам для вяскоўцаў было і тое, што вучыліся, лічы, побач з домам — у Больцішках быў адкрыты філіял Воранаўскага СПТВ-190.
Да працы мужчына, як і яго браты і сястра, быў прызвычаены з дзяцінства.
— Некалькі год працаваў памочнікам камбайнера, — падзяліўся Віктар Антонавіч. — Аднойчы атрымаў за гэта добрую ўзнагароду — дырэктар гаспадаркі Іосіф Нявера (дарэчы, хто не ведае, гэта бацька сённяшняга намесніка старшыні аблвыканкама Віталія Няверы. — Прыкм.аўт.) уручыў мне бамбукавую вудачку. Гэта была і радасць, і гонар, і, пэўна, зайздрасць аднагодкаў, бо такіх рэчаў у той час было не дастаць.
Цяпер мужчына кіруе “Амкадорам”. І жартам, і ўсур’ёз кажа, што ён самы малы па памеры ў прадпрыемстве. Ды столькі справы на ім пераробіць за дзень Віктар Антонавіч, што і не паспее агледзецца, як блізіцца вечар.
Марыя, Наталля, Тарэса Мецюн.
Поруч ёсць надзейнае плячо
Станіслаў і Віктар Мецюны ведаюць, што іх любоў да сельскай гаспадаркі па-сапраўднаму раздзяляюць жонкі. А як інакш, яны ж сваё жыццё таксама звязалі з гэтай галіной.
Тарэса Феліксаўна зараз сумяшчае працу ў прадпрыемстве з работай у Пяляскай школе. Яна — начны жывёлавод. “Пэўна, складана, адчуваюцца недасыпы?” — пытаюся ў яе.
— Не цяжэй, чым было ў дзяцінстве, калі з братам дапамагалі маме даіць кароў уручную, — сказала жанчына. — Працы не баюся, як і муж Віктар. Было так, што разам на ферме “Повалака” даілі кароў. Сумесная работа — няблага, яна мацуе сям’ю.
Марыя Казіміраўна пачынала свой працоўны шлях бухгалтарам у гаспадарцы “Гвардыя” (цяпер КСУП “Эліт-Агра Больцінікі”). Пасля яе рэарганізацыі была накіравана ў “Больцішкі”, дзе і спаткала свой лёс. Дзякуючы падтрымцы мужа Станіслава завочна скончыла Ленінградскі сельскагаспадарчы інстытут.
Гаспадарцы яна аддала сорак чатыры гады, з іх трыццаць чатыры была галоўным эканамістам. Можна з упэўненасцю казаць, што жанчына, як ніхто іншы, ведае, як развівалася і мацнела прадпрыемства. Помніць часы, калі ўраджайнасць збожжавых была ўсяго 17 цэнтнераў з гектара, а намалочвалі толькі тры тысячы тон. А на заслужаны адпачынак пайшла са спакойнай душой: гаспадарка моцная — значыць будуць жыць Больцішкі.
Катажына, Дзмітрый і Вікторыя Мецюн.
Годная змена
Сельскагаспадарчы шлях працягвае і трэцяе пакаленне Мецюноў.
У надзейных руках Андрэя Баляслававіча — “Амкадор”. Толькі вялікі, усміхаюцца сваякі. Яны ўпэўнены, што маладзейшы ў сям’і не падвядзе і заўжды будзе захоўваць добрае імя ўсёй дынастыі. Бо з малых гадоў ведае цану рублю. Першыя грошы Андрэй зарабіў ў школе, калі хадзіў палоць збожжа ад васількоў. Падлеткам у сёмым класе замест школьнай практыкі выбіраў працу ў калгасе. Паколькі любіў тэхніку, хадзіў у памочніках камбайнера.
Лёгкай не назавеш працу яго жонкі Наталлі Тадэвушаўны. Пачынала работнікам на збожжаскладзе, дзе нароўні з мужчынамі грузіла зерне ў машыны.
Ужо дзесяць год яна — аператар машыннага даення на ферме “Повалака”. У чатыры раніцы жанчына ўжо на нагах — у пяць гадзін пачынаецца дойка. Працоўны дзень заканчваецца апаўночы. Несумненна, такі рытм вытрымліваюць сапраўдныя гаспадары вёскі, якія любяць сваю справу.
З дзяцінства ў спякотныя летнія дні прападаў у полі Дзмітрый Станіслававіч. Як успамінаюць бацькі, столькі было крыўды ў дзіцячых вачах, калі тата раніцой выводзіў камбайн на ніву без яго. Не дзіўна, што і прафесію Дзмітрый выбраў хлебаробскую.
Некаторы час быў памочнікам бацькі, а зараз яны змяніліся ролямі. Новую тэхніку, якая поўная электронікі, трэба давяраць маладым, за імі — будучыня, упэўнены Станіслаў Антонавіч.
Добрая падтымка камбайнеру Дзмітрыю яго спадарожніца жыцця — жонка Вікторыя Віктараўна. У хаце яна клапатлівая і сардэчная жонка і матуля, а на працы — сур’ёзны і вельмі адказны чалавек. Гэтага патрабуе яе пасада інспектара па прафагляду, дый інакш нельга: на коне самае каштоўнае — чалавечае жыццё.
P.S. Маё знаёмства са шматгалосай сям’ёй Мецюн адбылося напрыканцы працоўнага тыдня, вечарам пятніцы. Але душэўнае цяплое, што пакінула гэтая сустрэча, сагравала мяне яшчэ некалькі дзён. Упэўнена, Мецюны нікога не пакінуць раўнадушнымі. Гэта сапраўдныя людзі воранаўскай зямлі, якія ведаюць цану хлебу. Як нашы продкі-вяскоўцы, шчырыя сэрцам, адкрытыя і гасцінныя.
Марына КАНДРАТОВІЧ.
Фота Алега БЕЛЬСКАГА.