Святочная калона з прыўзнятым настроем рушыла на гарадскі стадыён, дзе разгарнулася асноўнае дзейства. Працоўныя калектывы адзін за адным займалі месцы пачэсных гледачоў.
— Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь — сімвал гонару за нашу Радзіму, за продкаў, якія абаранілі яе незалежнасць. І сёння мы адстойваем свае нацыянальныя інтарэсы, права на гістарычную праўду і каштоўнасці народа, — звярнуўся да землякоў глава раёна Дзмітрый Захарчук. — Наша краіна ўпэўнена глядзіць у будучыню, мы гатовы супрацьстаяць любым выклікам і сваёй стваральнай працай зрабіць усё для таго, каб Беларусь заставалася паспяховай і квітнеючай дзяржавай. Наша сіла — у адзінстве, традыцыях, патрыятызме, павазе да чалавечых каштоўнасцяў, гатоўнасці аддаць свае сілы, веды і талент у імя далейшага развіцця Айчыны.
Як пацверджанне гэтай слушнай думкі на сцэну падымаліся самыя здольныя, працалюбівыя землякі, імёны якіх занесены на раённую Дошку гонару. Гэта Тэрэса Бінкевіч, Аляксей Галавач, Часлава Земяновіч, Павел Карповіч, Валянціна Квецень, Аляксей Кузьміч, Галіна Лукойць, Галіна Мялько, Антон Жалудзевіч, Руслан Лавец, Аляксандр Мельнік, Дзмітрый Масюль, Валянціна Носавіч, Валерый Садоўскі, Анатолій Радзюль, Марыя Юхнік. У гэты дзень таксама ўшаноўвалі калектывы Воранаўскага РЭС, які ўзначальвае Аляксандр Казлоўскі, МТК “Забалаць” КСУП “Гіркі” (Вадзім Заянчкоўскі), Воранаўскай дзіцячай школы мастацтваў (Марына Сцефановіч) і шматдзетную сям’ю Збігнева і Святланы Сварабовіч.
Не засталіся без увагі і юныя адораныя землякі. Пасведчанні аб аказанні матэрыяльнай дапамогі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі былі ўручаны навучэнкам Воранаўскай ДШІ Аліне Юрго (настаўнік Гражына Пяцюн), Паліне Сакалоўскай (Наталля Вашкевіч), Анастасіі Дудко (Марына Саковіч), а на пасведчанне аб назначэнні гэтай стыпендыі з прысваеннем звання стыпендыята — Сяргею Сухоцкаму (настаўнік Вячаслаў Наркун).
Знакавай сёлетняй падзеяй стала выданне зборніка “Воранаўшчына лірычная”. Ён змог убачыць свет дзякуючы падтрымцы райвыканкама, КСУП “Больцішкі”. За садзейнічанне ў гэтым, асабісты ўклад у развіццё і захаванне культурнай спадчыны воранаўскай зямлі Падзяка старшыні райвыканкама аб’яўлена дацэнту кафедры беларускай філалогіі, кандыдату філалагічных навук ГрДзУ, члену Саюза пісьменікаў Беларусі Руслану Казлоўскаму і дырэктару Канвелішскага НПК Наталлі Якжык.
Песняй і танцам славілі родный край таленавітыя юныя і дарослыя артысты Воранаўшчыны, запальваючы ў сэрцах землякоў гонар за Бацькаўшчыну.