На “Дажынках” у Воранаве вызначылі лепшыя каравай, сноп і саламяную кампазіцыю

Сапраўдным упрыгожваннем свята стаў плён творчасці нашых землякоў — конкурсныя караваі, дажыначныя снапы і архітэктурныя формы з саламяных катушак.

Вырабы з саломы і цеста выстраіліся ля галоўнай сцэны і здзіўлялі формамі і аздабленнем.

Печыва, зробленае ў некалькі ярусаў, упрыгожанае кветкамі, каласамі, карункамі, вінаграднымі гронкамі, рознымі фігуркамі з цеста, прыцягвала погляды гасцей свята. Самай важкай конкурснай работай было каравайнае трыа ад КСУП “Больцішкі”.  На кветкавую клумбу былі падобныя караваі КСУП э/б “Пагародна” і “Эліт-Агра Больцінікі” —  на іх красаваліся каляровыя рамонкі, васількі, сланечнікі. На верхнім ярусе духмянай конкурснай работы СУП “ГМК-агра” — сімвалічны голуб міра з цеста.

Не менш каларытна выглядалі і дажыначныя снапы. Яны былі не толькі ў форме шмат’ярусных кампазіцый з уплеценымі ў іх кветкамі, арнаментнымі стужкамі і гронкамі рабіны. Саламяныя сімвалы свята хлебаробаў КСУП “Больцішкі” і “Эліт-Агра Больцінікі” выканалі ў форме млыноў,  а КСУП “Місявічы” — вялікай лялькі. Фантазію ўмельцаў і майстэрства кандытараў ацаніла конкурснае журы, якое ўзначаліў старшыня Воранаўскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Алег Тарасаў. Вынікі былі аб’яўлены са святочнай сцэны.

У конкурсе караваяў пераможцай аб’явілі КСУП “Больцішкі”, на 2-м месцы — КСУП “Місявічы”, на 3-м — КСУП “Эліт-Агра Больцінікі”. Лепшы дажыначны сноп атрымаўся ў КСУП “Гіркі”, другое месца ў СУП “ГМК-Агра”, трэцяе — у КСУП “Эліт-Агра Больцінікі”.

 

Тройка лідараў сярод стваральнікаў архітэктурных формаў з катушак саломы, якія з’явіліся абапал дарог акурат перад святам хлебаробаў, склалася наступным чынам: 1-е месца атрымалі КСУП “Эліт-Агра Больцінікі”, 2-е КСУП “Місявічы”, 3-е — КСУП “Больцішкі”.

І пераможцы конкурсу былі ўзнагароджаны грашовымі прэміямі.

Вольга ВАРАБ’ЁВА.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.