Сёлета для хлебаробаў Гродзеншчыны выдалася нялёгкім. На вытрымку і прафесіяналізм іх выпрабоўвалі вясеннія замаразкі, чэрвеньская засуха, жнівеньскія зацяжныя дажджы. Тым не менш земляробы змаглі парадаваць высокімі вынікамі. Валавы збор зерневых і зернебабовых культур атрымалі 1,4 міліёна тон пры ўраджайнасці 46,9 цэнтнера з гектара. Не падвялі і воранаўскія аграрыі. Валавы збор зерня ў іх склаў 88 950 тон пры ўраджайнасці 42,3 ц/га. Самы час сказаць вялікі дзякуй нашым залатым людзям за гарачыя, загартаваныя ў працы будні, багаты каравай і забеспячэнне харчовай бяспекі краіны.
Урачыстасць ушанавання галоўных герояў жатвы пачалася з традыцыйнага шэсця. Камбайнеры, вадзіцелі, аператары зернесушыльных установак, прадстаўнікі агранамічнай службы, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў Прынямоння ў прыўзнятым настроі ў святочнай калоне дружна крочылі да галоўнай сцэны. У іх ліку нашы слаўныя землякі, шчырыя працаўнікі Воранаўшчыны.
Сёлета Воранаўскі раён стаў лідарам у рэспубліканскім аглядзе-конкурсе “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкавання машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў”.
Другое месца ў намінацыі «Лепшае сельскагаспадарчае прадпрыемства па добраўпарадкаванні машыннага двара, гатоўнасць рамонтна-абслугоўваючай базы да работы ў зімовых умовах і машынна-трактарнага парку да палявых работ» атрымала КСУП “Больцішкі”. Дырэктару прадпрыемства Анджэю Вількевічу ўручылі Ганаровую грамату Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.
Ганаровай граматай абласнога Савета дэпутатаў узнагароджаны камбайнер КСУП “Больцішкі” Дзмітрый Мяцюн, які намалаціў найбольшую колькасць зерня ў раёне — 2 400 тон.
Віншуем землякоў з заслужанымі ўзнагародамі!
«ВГ»