Багата і маляўніча былі прадстаўлены на фестывалі працаўнікоў вёскі сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Калектывы старанна папрацавалі над афармленнем падворкаў. На іх можна было ўбачыць, які ўраджай агародніны выгадавала кожная гаспадарка, пакаштаваць адмысловыя стравы і, вядома, паслухаць народную песню, прыпеўкі і нават патанцаваць. На кожнай пляцоўцы ладзілася інтэрактыўнае дзейства, не шкадавалі сяльчане гумару і дасціпных жартаў.
Першае месца журы прысудзіла КСУП “Больцішкі”. Калектыў сельгаспрадпрыемства прадставіў шмат вынаходак на сваёй пляцоўцы. Толькі ў іх акурат да свята атрымалася “выгадаваць” дрэва Міру, Працы і Яднання. Здзівіў гасцей і сапраўдны рапсавы фантан. Калектыўную ідэю ўвасобіў зваршчык сельгаспрадпрыемства Руслан Дудзін. Для кампазіцыі спатрэбілася фантазія, паліўная помпа, драўляныя кадкі і рапсавае масла, якое ўжо амаль год вырабляюць у КСУП “Больцішкі”.
Моцны патрыятычны пасыл з’яднаў усіх, хто завітаў на падворак КСУП “Доцішкі”. Жывыя статуі, дзяўчаты-жнейкі, усеагульнае выкананне песні — вось чым уразілі доцішцы. Па выніках конкурсу ў іх 2-е месца.
Немагчыма было без усмешкі назіраць за тым, што адбывалася на падворку СУП “ГМК-Агра”. Тут расказалі казку пра царэўну-жабу на сучасны лад. Жартаўлівая форма дзейства і каларытныя персанажы спадабаліся гасцям лакацыі і журы. У калектыва — 3-е месца.
Вольга ВАРАБ’ЁВА.
Фота Алега БЕЛЬСКАГА.